Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Фальклорнае свята

СМАЧНА   ЕСЦІ!

 

Анатацыя

          Беларуская нацыянальная кухня – гэта спадчына, якую пакінулі нашы продкі. Яна складалася на працягу шматлікіх вякоў і мае сваю гісторыю, традыцыі, асаблівасці, прыкметы, нормы, правілы і ўнікальнасць. Гэта неабходна захаваць, зберагчы і данесці да будучага пакалення, пазнаёміць вучняў з беларускай культурай і з багатымі беларускімі звычаямі і традыцыямі. Кухня  павінны актыўна ўзаемадзейнічаць і прыносіць карысць у развіцці і захаванні народнага багацця.

  Беларуская традыцыйная ежа – адна з важнейшых частак матэрыяльнай культуры, якая поўнасцю звязана з этнічнай гісторыяй народа. Беларусь складаецца са шматлікіх рэгіёнаў, якія адрозніваюцца па шэрагу прыкмет, маюць свае комплексы страў і свае асаблівасці. Са значным павелічэннем сувязі паміж горадам і вёскай некаторыя асаблівасці зніклі і ў выніку гэтага працэса з’явіліся новыя.

        Да нашых дзён захаваліся яшчэ на Беларусі ўнікальныя вёскі, у якіх, дзякуючы моцным традыцыям і абрадам,  захоўваюць і перадаюць  цікавыя рэцэпты нацыянальных страў будучаму пакаленню старэнькія бабулі і дзядулі, дзе можна ўбачыць увесь каларыт і звычаі мясцовага насельніцтва.

       У свяце ўзгадваюцца асаблівасці беларускай кухні, шматлікія самабытныя стравы беларусаў, прыводзяцца прыказкі пра хлеб, загадкі, гульні.

      Работа нясе выхаваўчы патэнцыял, выклікае цікавасць маладога пакалення да гісторыі беларускай кухні, фарміруе павагу да мінулага нашых продкаў, выклікае жаданне шанаваць, услаўляць і берагчы традыцыі нацыянальнай кухні Беларусі.

Сцэнарый свята

“Шкваркі, бульба і каўбаска – смачна есці, калі ласка!”

 

Мой род, мой радавод, мой лёс

У памяці маёй павінен быць,

Каб пылам бездухоўным  не занёс

Яго наступны век, у якім нам жыць…

            Клаўдзія Жаўрыд

 

    Мэты:  фарміраваць цікавасць навучэнцаў да гісторыі роднага краю; пазнаёміць з асаблівасцямі побыту беларускага народа; з гісторыяй беларускай кухні; пазнаёміць  з асаблівасцямі прыгатавання спрадвечна беларускіх страў; развіваць эстэтычны густ.

    Задачы:

-          Фарміраванне ў вучняў цікавасці і любові да гісторыі нашых продкаў;

-          Паглыбленне і пашырэнне ведаў па фальклоры, этнаграфіі;

-          Выхаванне культуры працы і цікавасці да традыцыйнага беларускага кулінарнага майстэрства;

-          Развіцце  эстэтычнага густу, творчага падыходу да вывучэння матэрыялу.

 

Афармленне сцэны ў актавай зале:

   На сцяне вісяць некаторыя рэчы сялянскага побыту: старое рэшата, каромысел, серп і інш. У кутку ўладкаваўся моцны бярозавы венік.

   Пад столлю на покуці абраз, упрыгожаны вышываным ручніком. Стол засланы белым  абрусам з прошваю. На драўлянай паліцы для посуду ляжаць металічныя  відэльцы, драўляныя лыжкі, гліняныя місы. Есць тут тарка , шкляная гранёная чарачка, медныя конаўкі, рознай формы гладышы і збанкі.

   Злева ад ўвахода  ў хаце – пабеленая печ, прыкрытая заслонкаю, з рознымі гаршкамі, чыгунком ды патэльнямі на прыпечку. У куце пры печы стаяць вілкі, чапяла, качарга. На ўслончыку можна ўбачыць драўляную дзежку-блінніцу з апалонікам.

   Сцяну над ім упрыгожвае тканы дыванок. У хаце ёсць калаўрот, прасніца.

   Уздоўж сцэны  размясцілася выстава страў пад назвай  “ А на стале тым – рай ды годзе”, Пасярод кухні  - стол, накрыты  беларускімі стравамі, бо кулінарныя прыхільнасці беларусаў захоўваюць нацыянальную  самабытнасць… Самая вядомая  – бульба, прыгатаваная па розных рэцэптах, а таксама  разнастайныя стравы:  поліўка, бліны, аладкі, бабка, дранікі, клёцкі…

   Застолле ў хатах праходзіла з песнямі, жартамі, добрымі зычэннямі: “Хата гаспадыняю красна”, “Калі ў хаце парадак і лад – гэта найпершы клад”.

   Да мерапрыемства падрыхтаваны народныя песні, загадкі, гульні, праказкі…

Ход мерапрыемтства

Удзельнікі свята спяваюць песню “Сёння ў нашай хаце свята”.

Першы вядучы:

    Сёння ў нашай заце сапраўднае свята. Яго мы прысвяцілі беларускай нацыянальнай кухні, якую ведаем вельмі мала. Якія стравы спажывалі нашы продкі? Як яны называліся  і называюцца ? У якіх абрадах ужывалі  іх беларусы? Якое значэнне яны мелі і маюць? Пра ўсе гэта вам раскажуць удзельнікі свята. Давайце паслухаем гісторыю нашай беларускай кухні.

Гаспадар

Добры дзень, госцікі,

Калі ласка, у хату да нас, просім,

Калі ласка!

Госць у хату – сонца ў хату.

Гаспадыня

Рады мы ўбачыць

Вас у роднай хаце,

Нашым караваем

Вас пачаставаці.

Другі  вядучы:

   Шматвекавую багатую гісторыю мае беларуская кухня. Спрадвеку беларусы падтрымлівалі цесныя сувязі з рускімі, украінцамі, палякамі, літоўцамі і латышамі. І заканамерна, што беларуская кухня зрабіла ўплыў на кухні гэтых народаў. І наадварот. Пра гэта сведчаць і агульныя назвы адных і тых жа страў, кулінарных вырабаў і напояў, розных кухонных рэчаў і посуду. Вядома, напрыклад, што літоўцы і латышы перанялі  беларускае слова ТАЛАКНО (спецыяльна прыгатаваная  аўсяная  мука), а беларусы – літоўскае слова ЛУСТА.  КРУПНІК (суп з круп) мае  агульную назву ў беларусаў, палякаў і літоўцаў, а традыцыйная страва беларускаў ВЕРАШЧАКА папулярная і ў Літве. Добра вядомая беларуская ЗАЦІРКА ў рускай, беларускай, польскай і ўкраінскай кухнях.Такіх прыкладаў у кулінарнай тэрміналогіі мноства.

Трэці  вядучы:

   Беларусы, як і іншыя славянскія народы, здаўна займаліся земляробствам. ЖЫТА, ПШАНІЦА. ЯЧМЕНЬ, АВЕС, ГРЭЧКА, ГАРОХ – найстарадаўнейшыя культуры, вядомыя па матэрыялах археалагічных раскопак  на тэрыторыі Беларусі. У паўсядзённым харчаванні  беларусаў выкарыстоўваліся збожжавыя і гародніна, што вырошчваліся на палях і агродах.

Першы вядучы:

   Печаны жытні хлеб і іншыя вырабы з жытняй мукі  на працягу многіх  стагоддзяў панавалі ў харчаванні насельніцтва. У беларусаў  з дзяцінства выхоўваліся  да хлеба павага і беражлівасць. З імі на радзіны, у сваты, на вяселле і іншыя ўрачыстасці. Хлебам – соллю, які падавалі на ручніку, сустракалі дарагіх гасцей. Ручнік – гэта сімвал чысціні, цяпла беларускай зямлі і роднай хаты.

Гаспадар

  Добры вечар, госцікі дарагія!

Гаспадыня

  Добры  вечар нам у хату! Госці на парог – гаспадару радасць!

Гаспадар

   Запрашаем у хату! Чырвонаму госцю – чырвонае месца!

Гаспадыня

   Сядзем радком – пагаворым ладком.

Гаспадар

   За добрай размовай і праца  ідзе  хутчэй.

Гаспадыня

Звычай і традыцыі мы зберагаем,

Усіх гасцей хлебам-соллю вітаем.

Кожны з вас будзе усмешкай сагрэт,

Калі ласка, прыміце наш хлеб.

Гаспадар і Гаспадыня прыпадносіць хлеб – соль удзельнікам свята.

Гаспадар

Усяму вядомы свету

Наш руплівы край здавен,

Тут на сонечных палетках

Сеюць бульбу, жыта, лен.

Другі  вядучы:

   Самы старажытны хлебны выраб у славян – КАРАВАЙ. У беларусаў каравай  і ў нашы дні  з’яўляецца абавязковым на вяселлі. Звычайна ён мае  круглую форму, зверху ўпрыгожваецца фігуркамі птушак, жывёл, чалавечкаў з цеста. Падаецца каравай на вяселлі ў канцы ўрачыстай трапезы як сімвал матэрыяльнагу дастаку. З лепшых гатункаў пшанічнай мукі пяклі ХРУСТЫ, КАРЖАНЫ, ПЕРНІКІ, з квашанага цеста рабілі ПІРАГІ ( з грыбамі, капустай, яйкамі, ягадамі), ПАМПУШКІ.

Трэці  вядучы:

   У  пачатку мінулага стагоддзя  былі распаўсюданы такія  стравы як ТАЛАКНО, ЖУР (аўсяны кісель), КРУПНІК, ПЯЧОНА (каша з пшана,запраўленая  ўнутраным  лоем і запечаная), КАЛАТУХА, ПОЛІЎКА, ВЕРАШЧАКА (мясная страва). З жытнімі і бульбянымі блінамі часта  ўжывалі тоўчанае семя лёну і каноплі, скваркі, агурочны і капусны расол. З мучных страў найбольш папулярнымі былі КЛЁЦКІ, ЗАЦІРКА, КУЛЕШ, ЛАПША, НАЛІСНІКІ, ЛАМАНЦЫ,  з крупяных – КРУПНІК, ПАНЦАК, ГУШЧА і інш.

Першы вядучы:

   Шырокае распаўсюджанне ў беларускай  кулінарыі  да паловы  дваццатага стагоддзя мелі замяняльнікі хлеба: САЧНІ, ДРАЧОНЫ, СКАВАРОДНІКІ. Іх рыхтавалі  таксама з жытняй, ячменнай і зрэдку пшанічнай мукі. Скавароднікі пяклі  з кіслага цеста . Сачні рабілі больш тонкія, чым скавароднікі, але таўсцейшыя, чым бліны. Для  прыгатавання  сачней (тоўстых мучных бліноў) часта выкарыстоўвалі начынку: бульбу, яблыкі, вішні, слівы і інш. Для драчон  бралі сыраватку або свежае малако, а таксама хлебны, кляновы або бярозавы квас. Цеста  рабілі больш вадкім , чым для выпечкі хлеба.

Гаспадыня

Дарагія госці!

Хлеб на стале. Рукі свае.

Ешце бульбу, мачайце, а на рэшту выбачайце.

Ды блінцы яшчэ да рання пякліся вам на сняданне.

Гаспадар

Частуйцеся, госці,

Просім вашай мілосці,

Каб вы пілі, елі,

Вяселенькія сядзелі,

Добрыя мыслі мелі,
Вясёлыя песні пелі.

Гаспадар і Гаспадыня запрашаюць удзельнікаў свята за стол, на якім стаяць беларускія стравы.

Гаспадыня

Радуюць сэрца сонца і травы,

Дзень мой праменны,

Дзень мой ласкавы,

Водар хваёвы,

Сіняе неба,

Кожнае ранне

Рада я хлебу!

Гаспадар

Рады і ўсходам веснімі днямі.

І як гамоніць

Ён каласамі,

Большай не маю

Сёння патрэбы –

Кожнае ранне

Рады я хлебу!.

Другі вядучы:

   А зараз прапануем пытанні для знаўцаў беларускай кухні. Адносіны беларусаў да ежы, да застолля знайшлі свае адлюстраванне ў беларускіх народных прыказках. Зараз мы будзем зачытваць пачатак прыказкі, а вы паспрабуйце яе закончыць. (чытаюць па чарзе, вядучыя ў зале адказваюць)

  • 1.    Дзе каша і аладка, … (там будзе і грамадка).
  • 2. Кашу маслам ... (не сапсуеш).
  • 3. Сыты галоднаму ... (не таварыш).
  • 1.    Будзе час- … (будзе квас).
  • 2.    Як ем - … (і глух, і нем)
  • 3.    Чалавек галодны… (ні на што не годны)
  • 1.    Смачна было, … (ды блізка дно).
  • 2.    Як зварыш, …(так і з'ясі).
  • 3.    На смачны кусочак… (знойдзецца раточак).
  • 1.    Хлеб свежы… (смачны для ежы).
  • 2.    Калі хлеб у возе , … (то няма бяды ў дарозе).
  • 3.    Хто як працуе ... (той так і есць)
  • 1.    Госць, не дзьміся,… (еш, што ў місе).
  • 2.    Без капусты…. (на стале пуста).

Трэці вядучы:

   Беларусы любяць смачна есці. Іншым разам на стол ставіліся 12, 18 (а то і 24 стравы), і ўсё гэта трэба было пачаставаць.

Першы вядучы:

   Беларусы, як вядома, любяць бульбу, нездарма іх называюць бульбашамі. Ёсць бульба, Ёсць і да бульбы. Умеюць беларусы яе смачна  прыгатаваць: бульбу вараць, тушаць, смажаць, запякаюць, фаршыруюць. З яе гатуюць СУПЫ, ПІРАЖКІ, ХРУШЧЫ. Папулярныя  таксама КАМЫ, КАПЫТКА, ТУШАНКА,

Другі   вядучы:

   Асабліва  смачная бульба ў спалучэнні з гыбамі, свінінай, кіслай капустай, агуркамі, сыраквашай. Ні з чым нельга параўнаць стравы з дранай бульбы – БАБКА, ДРАНІКІ, КЛЁЦКІ,КАЛДУНЫ.

Гаспадыня

Рады мы ўбачыць

Вас у роднай хаце,

Нашым караваем

Вас пачастсваці!

Гаспадар

Ешце, госцікі,

ужывайце,

Толькі

Ў кішэні не хавайце!

Гаспадар і Гаспадыня прапануюць гасцям конкурс “ Хто хутчэй”

Хуткавымаўлянкі

-          Варыла не варыла, абы добра гаварыла.

-          Перапілі, пералі, пералушчылі, перапаролі, перамалолі, ператрушчылі.

-          Бульба з булкай біліся, біліся, бульба булцы як дала, булка сплюшчылася.

Пасля ўсе разам  спяваюць беларускую песню “Бульба””

Трэці вядучы:

   У старабеларускіх крыніцах часта ўспамінаюць розныя расліны, якія выкарыстоўваліся ў якасці прыпраў: ПАСТАРНАК, МЯТА, ПЯТРУШКА, КЛЁН, КРОП, ХРЭН, МАК  і інш.

Першы вядучы:

   Беларусы здаўна ўжывалі і мясныя прадукты. Найбольш спажыўным было свіное мяса. На сялянскім стале КАЎБАСЫ, ВЯНДЛІНА і іншыя стравы з’яўляліся  ў святы і падчас сямейных  урачыстасцей. У пасяднеўным харчаванні мяса служыла толькі “прыправай” да крупяных страў і гародніны.

Другі  вядучы:

   З мясных страў рыхтаваліся ў сёлах ПЯЧЫСТЫ, ВАНТРАБЯНКУ, СТУДЗЯНЕЦ, ПАЛЯНДВІЦУ, КІЛБАСУ СЯЛЯНСКУЮ.

Гаспадыня і Гаспадар запрашаюць гасцей пачаставаць стравы

Гаспадыня

Госць, не дзьміся,

Еш, што ў місе.

Еш, хоць расперажыся,

Толькі не ляніся.

Гаспадар

Еш сала,

Каб душа скакала.

Ешце і выбачайце,

Але на лепшае  выбачайце.

Гульня  “Жыта”

  Старажытная гульня-карагод. Людзі збіраліся амаль усей вёскай,”хадзілі на ранняе жыта, калі ў ім магла схавацца варона”, вадзілі карагод, каб быў добры ўраджай.

   Сярод гасцей – удзельнікаў гульні выбіраецц Гаспадар. Астатнія ідуць карагодам, рост, калыханне жыта, пасярэдзіне якога стаіць Гаспадар.Ён вымаўляе:

Дзе карагод ходзіць,

Там жыта родзіць,

А дзе не бывае,

Там палягае.

   Пасля апошнягя слова вучні хутка садзяцца на кукішкі.Той, хто не паспеў прысесці ці паваліўся, выконвае ролю Гаспадара.

Трэці вядучы:

   З глыбокай старажытнасці каровіна МАЛАКО, ТВАРОЖНЫ СЫР з’яўляліся ўлюбенай стравай славянскіх народаў. МАСЛА і СМЯТАНУ падавалі да АЛАДАК, ДРАНІКАЎ, БАБКІ. З тварагу рабілі СЫР, СЫРНІЦУ.

Першы вядучы:

   У вялікай пашане ў беларусаў былі ГРЫБЫ – свежыя, салёныя, сушаныя, марынованыя, а таксама лясныя  ЯГАДЫ – ЧАРНІЦЫ, ДУРНІЦЫ, СУНІЦЫ, МАЛІНЫ, ЖУРАВІНЫ І і інш.

Другі  вядучы:

   Садавіну і ягады сушылі, мачылі, з іх рыхтавалі разнастайныя НАПОІ -  БЯРОЗАВІК, МЯДУХУ, КЛЯНОВІК, ЗБІЦЕНЬ.

Гаспадар

Ну закусеце ж, калі ласка!

Вось проша сыру, проша мяска

Ці кумпячка або каўбаскі.

Гаспадыня

Ну, пірага хоць закаштуйце!

Бярэце масла, не шкадуйце!

Прапануюць вядучыя развіць фантазію, кемлівасць, пашырыць кругагляд і разгадаць загадкі.

Загадкі

-          Мыш у нары, а хвост на двары. (Цыбуля. )

-          Ляжыць Рыгор паміж гор, лапушком накрыты. (Агурок.)

-          Кіну з блыху, а вырасце з кулак. (Бурак.)

-          Стаіць дуб, а пад дубам дзеці. (Бульба.)

-          Румяны Піліп да палкі прыліп. (Яблык.)

-          Што спачатку гаспадыня робіць з гаршком, калі варыць абед? (Глядзіць у яго.)

-          Колькі гарошын увойдзе у адну шклянку?(Ніводнай, гарох не ўмее хадзіць.)

Трэці вядучы:

  Сярод вегетарыянскіх страў найбольш распаўсюджанымі былі КУЛАГА з чарніц або дурніц з дамешкам пшанічнай мукі і цукру, САЛАДУХА – каша з жытняй або пшанічнай  мукі і салоду.

Першы  вядучы:

   Здаўна славянскія народы рыхтаваллі напоі з МЁДУ.

  У паўсядзённым жыцці ўсе саслоўі ўжывалі КВАС. У Беларусі , як ў Старажытнай Русі, квас рыхтавалі з хлеба жытняга, жытняй ( іншы раз ячменнай, аўсянай, пшанічнай ) мукі і соладу жытняга і ячменнага.

Гаспадыня

Частуйцеся, госці,

Просім вашай мілосці.

Гаспадар

Каб вы пелі, елі,

Вяселенькія сядзелі.

Харошыя мыслі мелі,

Вяселыя песні пелі.

Гаспадыня  з Гаспадаром спяваюць песню “А я ў печы не паліла”

“А я ў печы не пліла, мілы мой, міленькі!

А я есці не варыла, голуб мой сівенькі!”

“Запалі, міла, навары, міла,

Запалі, о-ха-ха, чарнабровая мая

Другі вядучы:

   Вельмі  многія звычаі, асабліва да 1917 года, былі звязаны з прыгатаваннем спецыяльных абрадавых кулінарных выраьаў, страў і напояў. Сярод шматлікіх нацыянальных беларускіх вядомыя вясельны, радзінны і памінальны. Самы багаты вясельны стол. А сярод сямейных урачыстасцей, вылучаліся Каляды і Вялікдзень. Стол тады ў кожнай сям’і быў таксама вельмі багаты і адрозніваўся ад паўсядзённага.

Трэці  вядучы:

   Цікава напомніць пра застольныя традыцыі, якія існавалі з даўніх часоў.у кожнай сям’і прытрымліваліся не толькі адпаведнага рэжыму ў хатнім харчаванні, але і перш за ўсё адпрацаванага стагоддзямі этыкету. Маладыя  члены сям’і ніколі не садзіліся за абедзенны стол раней за старэйшых. У час ежы не было чуваць прыхлёбванняў, прычмокванняў. Гутарак за сталом звычайна не вялі.

Першы вядучы:

   А вы чулі, што існуе мова сталовых прыбораў? Напрыклад, ці ведаеце вы, пра што гаворыць сподачак,  на  якім стаіць кубак і ляжыць чайная лыжка? А што азначае сподачак, на якім стаіць кубак, у якім знаходзіцца чайная лыжка? Не ?  Тады слухайце нашага госця.

Выступае  запрошаны на свята госць, які расказвае дзецям, як правільна карыстацца сталовымі прыборамі і паводзіць сябе за сталом.

Другі вядучы:

   Дарагія госці, настаўнікі, вучні, вы ўсе бачылі нашу выставу пад назвай “ А на стале тым – рай ды годзе” . То  ж і сапраўды – рай! І чаго тут толькі няма: і кілбаса сялянская, і бліны бульбяныя, і бліны мучныя са смятанай і варэннем, і клёцкі, і  пончыкі, а караваяў дык не злічыць! І якія ўсе прыгожыя! А назвы якія арыгінальныя! А цяпер мы правядзём спаборніцтва на самую арыгінальную назву стравы. Для гэтага нам неабходна выбраць журы сярод настаўнікаў.

Выбіраюцца члены журы конкурсу.

Трэці вядучы:

   Пакуль паважанае журы будзе працаваць, паслухайце  інфармацыю для самых цікаўных слухачоў – гэта старажытныя назвы беларускіх страў паводле твораў Уладзіміра Караткевіча. Ці знойдзеце знаёмыя сярод іх? (вядучыя чытаюць па чарзе)

Мачанка – страва з сала, мяса ці каўбасы, падкалочаная мукой

Хрушчы – мучны выраб, печыва

Лядоўня – склеп з лёдам для захоўвання прадуктаў

Наліснікі – тонкія бліны з пшанічнай мукі

Панцак – суп з пярловых круп

Локшыны – самаробныя макароны.

Крупеня – грыбны суп з пярловымі крупамі

Кулага – густая каша з мукі, аздобленая ягадамі

Жур – негусты аўсяны кісель.

Збіцень – гарачае пітво з мёдам і спецыямі.

Ламанцы – даўняя мучная страва.

Пячыста – усякае смажанае мяса.

Узвар – адвар з ягад, траў і інш.

Галушка –круглы камяк, скачаны з нечага мяккага.

Лёк – селядцовы расол

Поліўка – дужа тлусты гарачы суп, падбоўтаны мукой

Праснакі -прэсны хлеб

Клёцкі з душамі - вялізныя клёцкі з цёртай бульбы, начыненыя мясам

Алей- сланечнікавае масла

Халаднік – халодны суп з мясам і гуркамі.

Гушча наліваная – пшанічная каша, залітая гарачым малаком

Бяразавік - сок бярозавы

Рабінаўка, кляноўка - лячэбная настойка на дваццаці сямі травах.

Першы вядучы:

   Здаецца, журы ўжо гатова і можа падвесці вынікі конкурсу на  самую арыгінальную назву стравы.

Журы падводзіць вынікі, уручае прызы, пасля таго ўдзельнікі свята дзеляцца рэцэптамі прыгатавання страў, якія змешчаны на выставе.

Гаспадыня

Дарагія госцікі!

Каб вам смачна спалася і лёгка ўставалася!

Гаспадар

Ну, выбачайце, не крыўдуйце!

Калі што кепска , то даруйце!

Другі вядучы:

   Вось і падышло да канца наша свята. Вельмі хочацца, каб вам, паважаныя гледачы, штосьці запомнілася, каб вы пакарысталіся нашымі рэцэптамі. На развітанне пажадаем, каб сталы ў вашых хатах былі багатымі, а душы і сэрцы – добрымі і шчодрымі, як вось нашы сталы.

Гучыць песня ” Бывайце здаровы”, якая выконваецца ўсімі ўдзельнікамі, пасля чаго ідзе частаванне гасцей беларускімі стравамі.

Гаспадар

На свеце ўсё канец свой мае,

І ты, мінуціна змяркання,

Спяеш нам песню раставання.

Гаспадыня

І госці свой банкет канчаюць,

Адны другім дабра жадаюць .



   

Разделы сайта